Праведзена праверка дзейнасці Мазырскага дзіцячага дома

Мазырскім міжраённым камітэтам дзяржаўнага кантролю сумесна з Мазырскім аддзелам упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці праведзена праверка дзейнасці Мазырскага дзіцячага дома.

Як паведаміў старшыня Мазырскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю А.А.Тарасенка, па выніках праверкі было ўстаноўлена, што галоўны бухгалтар гэтай установы на працягу шэрага гадоў ажыццяўляла крадзеж грашовых сродкаў шляхам незаконнага пералічэння на свой карт-рахунак заработнай платы ў памерах, якія перавышаюць фактычна налічаныя згодна з разліковымі дакументамі.

На пасаду галоўнага бухгалтара Мазырскага дзіцячага дома грамадзянка Д. была прынята ў красавіку 2014 года. І практычна адразу, ужо ў чэрвені 2014 года, замест таго, каб ажыццяўляць кантроль за законнасцю і эфектыўнасцю расходавання фінансавых, матэрыяльных і працоўных рэсурсаў, яна, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, незаконна пералічыла на свой карт-рахунак 250 рублёў (сумы пазначаны ў дэнамінаваных рублях).

Але, як кажуць, апетыт прыходзіць у час яды. З кожным месяцам прага лёгкіх непрацоўных даходаў у грамадзянкі Д. усё ўзрастала.

Кіруючыся карыслівымі мэтамі, так званы бухгалтар працягвала ўключаць у спісы на налічэнне заработнай платы, якiя прадстаўляюцца ў ААТ “АСБ Беларусбанк”, дадатковыя незаконныя сумы на свой карт-рахунак, як яна патлумачыла, для паляпшэння… свайго матэрыяльнага становішча.

Калі прадставіць гэта ў лічбах, то атрымліваецца наступнае: за 2014 год у агульнай суме прыбытак “бухгалтара” склаў 1790 рублёў, за 2015 год — ужо ў суме 10 290 рублёў, а за 9 месяцаў 2016 года — 10 320 рублёў. Агульная сума шкоды, нанесеная Мазырскаму дзіцячаму дому з прычыны незаконных дзеянняў галоўнага бухгалтара, склала 26 340 рублёў з улікам працэнтаў за карыстанне грашовымі сродкамі.

Варта адзначыць, што грамадзянка Д. віну прызнала і часткова вярнула ў касу ўстановы суму выкрадзеных грашовых сродкаў.

Па матэрыялах праверкі пракурорам Мазырскага раёна ў дачыненні да ўжо былога галоўнага бухгалтара грамадзянкі Д. узбуджана крымінальная справа. Гэтае злачынства кваліфікавана як крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры.

Згодна з існуючым Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, за яго ўчыненне прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

 

 

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО. "Настаўніцкая газета"