Па прынцыпах сацыяльнай справядлівасці

Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці на працягу летняга перыяду ажыццяўляўся кантроль за тым, як вялася падрыхтоўка і правядзенне ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай адукацыі рэгіёна. Аб гэтым нашай газеце расказала намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці А.В.Кавалёнак.

Як адзначыла Алена Вітальеўна, на перыяд правядзення цэнтралізаванага тэсціравання былі арганізаваны спецыяльныя камісіі, у склад якіх уваходзілі члены дзяржаўнай камісіі, работнікі КДК вобласці, упраўленняў Гомельскага аблвыканкама, у тым ліку ўпраўлення адукацыі, а таксама выкладчыкі агульнаадукацыйных устаноў, прадстаўнік Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, усяго 727 чалавек. Члены камісій імкнуліся забяспечыць захаванне законнасці правядзення ўступных выпрабаванняў, работы арганізацыйнай, прыёмнай і прадметных экзаменацыйных камісій.

Па выніках уступных выпрабаванняў і выніках конкурснага адбору ва УВА вобласці на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту з улікам дадатковага набору залічана 2146 чалавек, на платнай аснове — 1226, на завочную форму навучання — 700 і 1408 чалавек адпаведна. Як паказалі выніковыя даныя, сёлета ў Гомельскай вобласці найбольшай папулярнасцю сярод абітурыентаў карысталіся спецыяльнасці “Правазнаўства” — 20 чалавек на месца (Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны), “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” — 8 (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту) , “Распрацоўка і эксплуатацыя нафтавых і газавых радовішчаў” — 6 (Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога).

Самыя высокія прахадныя балы па выніках уступнай кампаніі адзначаны ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны па спецыяльнасцях “Правазнаўства” (363), “Сусветная эканоміка” (359) і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту па спецыяльнасцях “Мытная справа (эканамічнае забеспячэнне мытнай дзейнасці)” (303), “Транспартная лагістыка (чыгуначны транспарт)” (301).

Але па мэтавай падрыхтоўцы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту не выканаў план прыёму (на 23 мэтавыя месцы залічана 18 абітурыентаў). У такой жа сітуацыі апынуўся і Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога (на 2 мэтавыя месцы залічаны 1 абітурыент).

Пры ажыццяўленні кантролю за правядзеннем уступных іспытаў у Гомельскім філіяле УА Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” камітэтам вобласці быў спынены неабгрунтаваны прыём да залічэння на скарочанае навучанне па эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцях 28 абітурыентаў, якія не маюць сярэдняй спецыяльнай адукацыі па адпаведных спецыяльнасцях.

Пасля ўмяшання КДК вобласці гэтыя парушэнні былі ліквідаваны. У цэлым вынікі кантролю паказалі, што пры правядзенні ўступнай кампаніі 2016 года ў Гомельскай вобласці забяспечана выкананне прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці, законных правоў і інтарэсаў грамадзян, роўных магчымасцей пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы вобласці.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.