Агурковы салат…без агуркоў

Звычайна ў летні перыяд часу Камітэт дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці праводзіць кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы па пытаннях арганізацыі і якасці харчавання дзяцей у летніх аздараўленчых лагерах.Як праходзілі праверкі сёлета, аб гэтым нашай газеце паведаміла Вольга Пятроўна Салаўёва, намеснік начальніка аддзела кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг КДК Гомельшчыны.

В.П.Салаўёва расказала, што гэтым летам для праверак Камітэтам дзяржкантроля вобласці былі абраны аздараўленчыя лагеры “Сожскі бераг” і “Казачная паляна” аддзела адукацыі спорту і турызму Гомельскага райвыканкама, лагер “Лясныя далі”, падпарадкаваны Гомельскаму аддзяленню Беларускай чыгункі.

У час праведзеных праверак было выяўлена шэраг парушэнняў. Так, у прыватнасці, на харчблоках ўсіх 3 лагераў парушаліся санітарныя нормы і правілы, у 2 - мелі месца факты водпуску дзецям страў з няпоўнай вагой, наяўнасці лішкаў прадуктаў, якія былі “зэканомлены”кухарамі, што ў далейшым прывяло да недаўкладання сыравіны пры прыгатаванні страў.

Напрыклад, у сталовай аздараўленчага лагера “Сожскі бераг” ў пакоі сутачнага запасу прадуктаў сталовай лагера, дзе ў 13 гадзін 10 хвілін пасля падрыхтоўкі сняданку і абеду павінны былі застацца толькі прадукты, якія прызначаны дзецям на падвячорак і вячэру, спецыялісты камітэта выявілі лішкі прадуктаў на суму звыш 800 тыс.руб., а менавіта “безгаспадарнымі” сталі 11 літраў малака, 12 пачкаў сметанковага масла, больш за 3 кг цукру і іншыя прадукты.

Акрамя гэтага, лішкі тавараў на суму больш за 86 тыс.руб. устаноўлены і пры выбарачнай праверцы рэшткаў на складзе сталовай.Таксама ўстаноўлены факты водпуску дзецям страў з няпоўнай вагой. Так, напрыклад, пры кантрольным узважванні такой стравы, як “біточкі па-беларуску”, якія былі прыгатаваны дзецям на абед, недахоп вагі ў адной порцыі склаў ад 5 грам да 20,5 грама пры ўстаноўленым фактычным выхадзе порцыі 70 грам. У выніку несумленнай працы кухараў і шэф-кухара харчаблока частка страў, прыгатаваных для дзяцей аздараўленчага лагера, не адпавядала нормам закладкі прадуктаў.

Практычна аналагічная сітуацыя склалася і ў аздараўленчым лагеры “Лясныя далі”, дзе ў пакоі сутачнага запасу прадуктаў былі выяўлены лішкі прадуктаў на суму больш за 270 тыс.руб. Акрамя таго, пры пераўзважванні салаты са свежых агуркоў з раслінным алеем, прыгатаванай дзецям на абед, недахоп неабходнай вагі ў порцыях склалі ад 33 грам да 41 грама ці амаль палову ад устаноўленага фактычнага выхаду адной порцыі - 90 грам. Акрамя гэтага, з 4 найменняў гатовых страў, адабраных спецыялістамі КДК вобласці на даследаванні, 2 стравы -суп бульбяны з макароннымі вырабамі і кампот з сумесі сухафруктаў не адпавядалі нормам закладкі сыравіны.

Факты недаўкладання сыравіны пры прыгатаванні страў ўстаноўлены і ў аздараўленчым лагеры “Казачная паляна”.

Варта адзначыць, што ўсе устаноўленыя лішкі прадуктаў у дзень праверкі былі апісаны і апрыходаваны на склад.

Па выніках праверак Камітэтам дзяржаўнага кантролю вобласці разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці вінаватых, а суб’ектам гаспадарання прапанавана ўзмацніць кантроль за працай аздараўленчых лагераў.

 

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО. Настаỷнiцкая газета